ВАЕ́ННАЯ ПАЛІ́ТЫКА,

састаўная частка агульнай палітыкі дзяржавы і інш. сац.-паліт. інстытутаў, якія непасрэдна звязаны са стварэннем ваен. арг-цыі, падрыхтоўкай і выкарыстаннем сродкаў узбр. барацьбы для дасягнення паліт. мэт. Ваенная палітыка канкрэтызуецца ў ваеннай дактрыне, ваен. стратэгіі і практыцы ваеннага будаўніцтва. Абапіраецца на ацэнку ўласных сіл і сіл верагодных праціўнікаў, патэнцыялаў, якія складаюць ваенную магутнасць дзяржавы, і фактараў, ад якіх залежаць ход і вынік вайны. Важнае месца ў ваеннай палітыцы адводзіцца праблемам стварэння, умацавання і ўдасканалення ваен. арг-цыі, тэхн. аснашчэння ўзбр. сіл, вызначэння перспектыў развіцця ваен. тэхнікі, мабілізацыйных магчымасцяў дзяржавы, падрыхтоўкі рэзерваў, іх мабілізацыі і разгортвання пры неабходнасці. Сутнасць ваеннай палітыкі Рэспублікі Беларусь накіравана на прадухіленне вайны, захаванне міру, абарону суверэнітэту і тэр. цэласнасці краіны.

т. 3, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)